Бяздонная крыніца
Народная мастацкая творчасць нашага рэгіёну вызначаецца сваёй самабытнасцю. Займаючыся вывучэннем народнай вышыўкі, ткацтва, як найбольш багатай крыніцы старажытных вобразаў і матываў, давялося сустракацца з захавальніцамі традыцый яшчэ XIX ст. Гэта нашы мясцовыя ткачыхі, вышывальшчыцы, каруначніцы. Прадстаўленыя ў музеі посцілкі, абрусы, вязаныя на раме і вышытыя ружамі, ручнікі і карціны для ўпрыгожання інтэр’-еру вясковай хаты – своеасаблівая аповесць пра жыццё народа, яго працу, мары і надзеі, шчасце і нястачы. Гэта багатая скарбонка славянскай культуры. “Раней, – кажа жыхарка вёскі Шэмбелеўцы Ірына Іосіфаўна Бернатовіч, – кожны гаспадар або гаспадыня хацелі ва ўсім быць незалежнымі, абыходзіцца без чыёй-небудзь дапамогі. Самі будавалі хаты, лазні, самі лячыліся, выраблялі прылады працы, як маглі упрыгожвалі свой побыт”.
Выстаўленыя ў падраздзеле “Вышыўка і ткацтва як від мастацтва” тканыя і вышываныя рэчы напачатку ацэньваюцца наведвальнікамі музея з пазіцыі прыгажосці і гармоніі каларыту. Але ж народнае ткацтва – яшчэ і бяздонная крыніца культурна-гістарычных звестак пра народ, радзіма якога – Беларусь. Кожны ўзор на вырабах – гэта сімвал дабра, праўды, прыгажосці і любові, гонар за чалавека і яго працу. Жыхарка вёскі Лойкі Яніна Максімік казала: “Я непісьменная. Уся мая навука – прырода, жыццё, людзі. Яно зашыфравана ва ўзорах маіх посцілак і ручнікоў. Тут усё маё жыццё з радасцямі і нястачамі”.
Загадкавыя ўзоры
Любімы арнамент у нашых майстрых – гэта кветкі, вянкі, ромбы, птушкі і жывёлы. Пра свае вырабы сялянкі могуць расказваць цэлыя гісторыі. Калі жанчына плануе штосьці выткаць ці вышыць, яна, падобна мастаку ці кампазітару, выбірае тэму твора, абдумвае яго план, кампазіцыю. На многіх посцілках ці ручніках часта можна бачыць кругавыя замкнёныя матывы з кветак, лісця, розных раслін. Вянок – сімвал жаночага шчасця, атрыбут народных гулянняў. На вянках раней варажылі. На Купалле вянок з каласоў пускалі па вадзе. Ён жа – абавязковы атрыбут “Дажынак”. Раней вянок надзяваўся на галаву дзяўчыне ў першы дзень вяселля. Многія вырабы ўпрыгожаны ружамі. Ружа – царыца кветак, сімвал прыгажосці, а значыць, і кахання.
Маладая дзяўчына ў народзе даўно асацыіруецца з рабінай, калінай, зязюляй. Рабіна прыгожая заўсёды: вясной – у белай кіпені, як нявеста ў вясельным уборы, восенню – у чырвоных гронках ягад. Вышытыя рабіна ці гронка асацыіруюцца ў майстрых з дзяўчынай, пакрыўджанай лёсам. Яна прыгажуня і духоўна, і фізічна, ды жыццё абышлося з ёю не ласкава. Вытканы ці вышыты куст каліны сімвалізаваў трагічны, гаротны лёс, а вытканая ці вышытая гронка ці куст каліны звычайна суадносяцца з вобразам дзяўчыны, якая пакутуе ад няшчаснага кахання. Такія творы народнага мастацтва часта аўтабіяграфічныя.
Не абыйдзены ўвагай у мастацтве ткацтва і вышыўкі хлопец – прыгажун, весяльчак, працаўнік. Ён увасоблены ў стылізаваным вобразе клёна ці явара, прыгожых, магутных дрэў. Падчас экспедыцыі па збору экспанатаў даводзілася бачыць і такія вырабы. Вобраз сына, добрага хлопца – малойца, дуба – явара на ручніку, паказаны ў выглядзе трохчасткавай кветкі. Усе гэтыя ўзоры прасякнуты вобразнасцю мыслення вышывальшчыц, іх марай пра шчасце і каханне. Давялося пачуць і запісаць легенду, якая бытуе сярод сяльчан:
– Жыў у вёсцы хлопец – прыгажун, гарманіст, а насупраць – дзяўчына, стройная, доўгавалосая. Усе звалі яе бярозкай. Пакахалі маладыя людзі адзін аднаго, ды багатыя бацькі нявесты не хацелі аддаць дачку за беднага гарманіста. У адчаі маладыя людзі кінуліся з гары ў вір. Іх пахавалі разам. Раптам на іх магіле выраслі два дрэвы – клён і бярозка. Падросшы, яны нахіліліся адзін да другога, а ўверсе моцна спляліся галінамі. Кожны, хто іх бачыць, моцна ўздыхне.
Жыццёвая паэма
На посцілках ці ручніках у нашай мясцовасці часта сустракаюцца стылі-заваныя ўзоры птушак. І ў гэтых узорах, як кажуць самі майстрыхі, цэлая жыццёвая паэма.
У вырабах жанчын нашай мясцовасці можна бачыць вышытых, вытканых галубкоў. У народзе голуб – гэта сімвал кахання. Дык вось, тлумачаць сялянкі, паказваючы ўзоры сваёй працы, калі вытканыя галубкі ідуць адзін за другім – гэта значыць, каханне пачынаецца, калі павернуты адзін да аднаго – у росквіце, калі ж павернутыя ў розныя бакі – каханне без узаемнасці.
У кожнай хаце стараліся, каб быў ручнік, абрус ці дыван з вобразам пеўня. Па павер’ях, певень – апякун дзяўчыны да замужжа. Ён ахоўвае дзявочы сон, аберагае ад злых духаў, суроку. Кажуць, калі вышыць пеўня і папараць-кветку на ручніку – мары збудуцца. А яшчэ, па павер’ях, певень аберагае жыллё ад пажару. Такі вышыты ўзор меў ахоўную ролю.
Часта на тканых і вышываных посцілках і ручніках сустракаецца ўзор з вобразам зязюлі. Калі яна паказана ў спалучэнні з зоркамі – вобразамі дзяцей, значыць, у сям’і вялікае гора, а вытканая разам з букетам зязюля сімвалізавала горкую ўдовіну долю. Практычна ўсе тканыя ці вышываныя вырабы з сімвалам кахання носяць аўтабіяграфічны характар. Дзяўчаты выказвалі ў іх свае сардэчныя таямніцы, дзяліліся радасцю шчаслівага кахання або аблягчалі душэўны боль, калі каханне не было ўзаемным.
Чалавека здаўна су-праваджалі жывёлы. Спачатку – дзікія, потым – свойскія. Бытуе павер’е, што жывёлы ўмеюць гаварыць. Людзі верылі, што тая ці іншая жывёла можа не толькі наклікаць бяду, але і засцерагчы чалавека ад яе, абараніць жыллё. Калі чалавек зразумее іх мову, будзе мудрым і багатым. Усе творы народнага мастацтва раскрываюць паэтычную душу народа, яго бачанне прыроды і яе ўзаемасувязь з навакольным асяроддзем.
На посцілках нашых ткачых можна бачыць вытканыя ўзоры з выявамі жывёл. У музеі захоўваюцца дываны з вытканымі стылізаванымі вобразамі аленяў, зайцоў. Але, як кажуць ткачыхі, яны не мелі ахоўнай ролі. Хутчэй за ўсё, гэта ўспрыйманне прыгажосці прыроды аўтарам.
Сабраныя ў музеі ўзоры народнай творчасці вобразна і рознабакова раскрываюць паэтычную душу народа, яго бачанне прыроды і яе ўзаемасувязь з чалавекам і яго жыццём, этычныя і эстэтычныя погляды. І хаця сёння многія традыцыйныя рэчы хатняга ўжытку саступілі месца прамысловым вырабам, нельга дапусціць, каб зніклі ўзоры вуснай народнай мастацкай творчасці – наш нацыянальны здабытак, аснова для развіцця сучаснай культуры. Таму мы стараемся ўсё рабіць для таго, каб сабраць, зберагчы тыя ўзоры народнай творчасці, якія яшчэ захаваліся ў сялянскіх куфрах, каб глыбей зразумець, вывучыць таямніцы беларускага арнаменту, а, значыць, і душу простай беларускай сялянкі-працаўніцы.